У Брэсце не прапусцілі цераз мяжу “гуманітарку”

Груз біяшампуню, дзіцячых крэмаў і прысыпак вёз для брэсцкай арганізацыі “Дзеці ў бядзе” немец Аляксандр Віганд. Сам спадар Віганд цяпер знаходзіцца ў Брэсце, а груз — не. Вось што ён патлумачыў Еўрарадыё:  "Гэта дар фірмы “Зебамед”, яна робіць экалагічную прадукцыю. Кіраўнік, доктар Губер, падараваў 60 скрыняў свайго прадукта для беларускіх дзяцей. На Варшаўскім мосце пазаўчора мытнік загадаў усё выгружаць. Узважылі: кажа, замнога. Ну, кажу, я гатовы заплаціць за лішні груз 2 еўра за кілаграм. Ён палічыў суму — 291 еўра. Добра, кажу. Пачаў запаўняць дэкларацыю. Ён пачакаў, потым пайшоў некуды, потым прыйшоў і кажа: мы вас не прапускаем. Бярыце пашпарт і едзьце назад".

Дык я раздам гэта ў Польшчы, сказаў Віганд. Як хочаце, быў адказ. Тады Аляксандр Віганд патлумачыў, што ў Брэсце яго чакае хворы хлопчык Сяргей Панасюк, якому трэба 17 тысяч еўра на лячэнне, і ён іх знайшоў. Нуль увагі. Тады Віганд завярнуўся і паехаў.

Спадар Віганд жанаты на брэстаўчанцы Людміле. Ён не бачыў сям’ю чатыры тыдні. Параіўся з “дальнабойшчыкамі” і 8 траўня паехаў праз грузавы пераход “Казловічы”. Там яго чакала Алена Галаш, кіраўнічка “Дзяцей у бядзе”. Мытнікі зноў прымусілі ўсё выгрузіць, прасвяцілі мінібус “Ост-Вэстфаміліенхільфэ” рэнтгенам. Спадар Віганд перааформіў ахвяраванне на Алену Галаш. Штодня тая плаціць 30 000 беларускіх рублёў за захаванне грузу. Каб яго выкупіць, які мытнікі лічаць таварам, “Дзецям у бядзе” давядзецца заплаціць 30% кошту.

Аляксандр Віганд: "Я не супраць, каб былі законы. Калі я ў гасцях, дык трымаюся іх. Але ж не так: то плаці за лішні груз, то едзь за 1350 кіламетраў дахаты. Са мной такога ніколі не было ўсе дваццаць гадоў, якія дапамагаю Беларусі. Лепш тады ездзіць у Афрыку, там менш праблемаў".

Выглядае на тое, што “гуманітарку” неўзабаве будуць купляць як “канфіскат”, кажа спадар Віганд. Дабрадзей доктар Губер абяцаў 10 тысяч еўра Сяргею Панасюку, цяпер кажа, што пачакае, пакуль Віганд вернецца дахаты. А ён тут затрымлівацца і не можа: ад стрэсаў падводзіць здароўе.


Кіраўнік дабрачыннай арганізацыі “Ост-Вэстфаміліенхільфэ” Аляксандр Віганд — першы немец, узнагароджаны рускім ордэнам “Сэрца Данка” за гуманітарную дапамогу.  


Запіс аб ануляванні візы ў пашпарце Віганда 7 траўня.


Дакумент аб дэпанаванні груза ў Казловічах.


Афіцыйная папера аб тым, што газета “Більд” вылучае для лячэння брэстаўчаніна Сяргея Панасюка 7 тысяч еўра.