У Брэсце праходзіць акцыя супраць высялення Абрамавых (фота)

Сёння з 7.30 ля будынка Брэсцкага КУП ЖРЭУ людзі раздаюць улёткі. У іх апісваецца “беспрэцэдэнтная акцыя па выкідванні на вуліцу цяжарнай жанчыны, яе мамы і шасцігадовай сястры”.  26-гадовая Жанна Абрамава, прапісаная на сёння ў кватэры 18 па вул.Кірава, 107, з’яўляецца ўнучкай памерлай тры гады таму наймальніцы кватэры. Яна выйшла замуж і чакае дзіця. З ёй у кватэры жывуць Інга Абрамава, яе маці, якая цягам 13 гадоў была наймальніцай кватэры, і малая сястра Маша Абрамава.

Год таму камунальнікі і Брэсцкі гарвыканкам дабіліся ў судзе рашэння пра высяленне Абрамавых. Аднак 6 лютага абласны суд адмяніў гэтае рашэнне як не абгрунтаванае правам. Праваабаронцы гавораць, новыя разгляды складваюцца не на карысць Абрамавых. ЖРЭА не хоча ісці на міравое пагадненне.

Актывісты некалькіх партый ды ініцыятываў (Партыя БНФ, АГП, “Малады Фронт”, “Рух за Свабоду”) змяняюць адзін аднаго на раздачы. Міліцыя ўжо выдаляла з тэрыторыі ЖРЭА маладафронтаўцаў Андрэя Шарэнду ды Міхася Ільіна. Насуперак абяцанням начальніка камунальнай службы Паўла Заграя не чыніць перашкодаў у раздачы ўлётак, супрацоўнікі КУП ЖРЭУ паводзяць сябе агрэсіўна і прымяняюць сілу супраць “прыхвасняў Шушкевіча”, як назваў удзельнікаў акцыі адзін з людзей у спецоўцы.  

Паводле словаў Андрэя Шарэнды, акцыя па раздачы ўлётак супраць гвалтоўнага высялення Абрамавых працягнецца да 17 гадзінаў.







Фота аўтара