У Брэсце прымусова ссяляюць людзей у камуналкі

У Брэсце "асвойваюць" цэнтр. Шматлюдныя сем'і ды нават чужых людзей ссяляюць у цесныя камуналкі на ўскрайку.
Трактар «Беларус» прыязджаў днямі да дома № 11 па завулку Мінскім. Дом будуць зносіць. Вынеслі рэчы Івана Шыбайлы. Кватэру апячаталі. 50-гадовая Галіна Шыбайла прапісаная з сынам тут, але жыве ў кватэры № 4. Разведзеная з мужам ужо 16 гадоў. На кватэру № 4 мае дакументы, плаціла за яе 13 гадоў. Таму Галіна Шыбайла замкнулася ў сваёй кватэры і гаварыла з тымі, хто высяляў, праз дзверы.

Галіна Шыбайла: «Судовая выканаўца сказала: у мяне пастанова па трэцяй кватэры. Таму я высяляю толькі трэцюю кватэру. Начальнік ЖЭСа задала пытанне: а як жа Галіна Яўгенаўна Шыбайла? Выканаўца адказала: не ведаю. Яна жыве ў іншай кватэры. Я да яе ніякага дачынення не маю».

Шыбайлам узамен іх жылплошчы прадаставілі “дабраўпарадкаваную аднапакаёвую кватэру” за рысай горада. Плошча пакоя - 17 м. кв. У Івана Шыбайлы ёсць грамадзянская пакуль жонка. Сыну далёка за 20. Між тым усе беларускія суды ўзялі бок гарадскіх уладаў: разведзеным Шыбайлам разам з дарослым сынам належыць цесная аднапакаёўка.

Галіна цытуе адказ з Брэсцкай пракуратуры: “Пішуць, што кватэра №4 нібыта была прадастаўленая нам “дзеля пашырэння жылплошчы ў кватэры №3”. Але ж з дакументаў відаць: гэта розныя кватэры, з розным уваходам, у іх асобныя рахункі. Які ж гэта дадатковы метраж?»

Спадарыня Сучок, старшыня Брэсцкага абласнога суда, пракаментавала гэтую і іншыя справы па брэсцкіх высяленнях так: маўляў, у свой час улады зрабілі грамадзянам хай сабе і незаконную, але палёгку, дазволіўшы часова пражываць у нейкіх пакоях альбо кватэрах. А цяпер выбачайце…

Галіна Шыбайла паказвае часопіс “Судовы Веснік” з прэцэдэнтным рашэннем Магілёўскага суда. Там суд абавязаў гарадскія ўлады выдаць жыхару кватэры, які шмат гадоў за яе плаціў, ордэр.

Галіна Шыбайла: «Атрымліваецца, мы як бежанцы. Нібыта прыехалі, і ну нас усіх у будку нейкую, колькі ёсць. Дамы былі абсалютна нармальныя, пакуль не спатрэбілася тэрыторыя, некаму забудоўвацца. Суды пачаліся па высяленні. Тады адразу дамы сталі аварыйныя, сталі валіцца. Дык нас, маўляў, ратуюць. Вам, пішуць, выдзеленая аднапакаёвая кватэра. І галоўнае: ніхто не хоча ў гэтым разбірацца. Мая адвакат абураная: так усё распісваем, гэта ідыётам трэба быць, каб чагосьці не зразумець. А яны – як вырашыў мясцовы суд, так перапісалі адказ. Не ведаю… (плача)… я ў гэты… Вярхоўны Савет напісала старшыні. А так не ведаю, куды мне падзецца, куды ехаць".

Варта нагадаць, што брэсцкія гарадскія ўлады дабіліся ўжо ссялення з розных кватэр у цэнтры ў трохпакаёўку сямейства Волчакаў: з дзядулем, з двума дзецьмі-школьнікамі, з бабуляй Аняй, хворай на адкрытую форму туберкулёзу. Прычым служба аховы правоў дзяцінства Ленінскага раёна Брэста прасіла суд не рабіць такую памылку.

Высяляюць з асабняка ў цесную двухпакаёўку Раісу Бандарук, яе былога мужа, дарослага сына і 92-гадовага ветэрана вайны Мікалая Хруцкага.

На здымку Паўла Грыня: Галіна Шыбайла ля свайго дома, які збіраюцца знесці