У Брэсце п'яны таксовец напаў на прадаўца крамы, а потым пратараніў хату

Адразу па чатырох артыкулах прыцягнуць да адказнасці брэсцкага таксіста. Яго вінавацяць у хуліганстве, нанясенні цяжкіх цялесных пашкоджанняў, кіраванне аўтамабілем у нецвярозым выглядзе і па факце ДТЗ. Як інфармуе БЕЛТА, 28-гадовы мужчына а палове чацвёртай раніцы з двума пасажырамі ў салоне аўтамабіля пад'ехаў да прадуктовай крамы. Ён зайшоў у краму адзін. Але штосьці ў яго паводзінах не спадабалася адміністратару крамы, і той выставіў яго за дзверы. Мужчына з гэтым не змірыўся, узяў з багажніка малаток, вярнуўся ў краму і пачаў збіваць свайго "крыўдзіцеля". Падчас бойкі ў краме націснулі "трывожную кнопку".

Пакуль на месца здарэння прыехалі міліцыянты, таксіст-хуліган ужо з'ехаў, аднак відавочцы запомнілі машыну.

Знайсці таксі "Пежо" чорнага колеру ў начным горадзе было нескладана. Дапамог у пошуку і сам парушальнік спакою. На адным са скрыжаванняў ён не справіўся з кіраваннем і пратараніў драўляную хату. Пры гэтым ён часткова разбурыў сцяну, пашкодзіў батарэю ацяплення і тумбачку. На шчасце, ніхто не пацярпеў ні ў кватэры, ні ў салоне таксоўкі.

Таксоўца затрымалі. У яго крыві выявілі 1,5 праміле алкаголю.