У Брэсце распрацаваны першы трансмежавы веламаршрут

У Брэсце распрацаваны першы трансмежавы веласіпедны маршрут з уключэннем у яго сельскіх сядзібаў. Пра гэта паведаміў старшыня абласнога грамадскага савета па аграэкатурызме Георгій Грыбаў. Паводле яго слоў, дзевяцідзённы "зялёны маршрут" будзе пачынацца на польскай тэрыторыі Белавежскай пушчы, затым пройдзе па беларускіх рэгіёнах, у прыватнасці Камянецкім, Жабінкаўскім, Кобрынскім, Брэсцкім, Іванаўскім і Маларыцкім раёнах.

Працягласць маршруту складзе больш за 300 кіламетраў. У ім плануецца задзейнічаць восем сельскіх сядзібаў. У ліпені маршрут будзе апрабаваны групай беларускіх і нямецкіх турыстаў. Пасля ўнясення карэкціровак адбудзецца яго адкрыццё.

Да таго часу будзе выдадзены спецыяльны каталог з апісаннем маршруту, мапай і інфармацыяй пра ўсю інфраструктуру.

БелаПАН