У Брэсце злавілі двух эксгібіцыяністаў

За тыдзень міліцыянты затрымалі ажно двух мужчын, якія дэманстравалі мінакам сваю мужчынскую годнасць.  Першы выпадак адбыўся каля гастранома "Брэст", дзе заўжды шмат народу. 35-гадовы працаўнік адной з гарадскіх вытворчасцяў голы расхаджваў па плошчы ля крамы. Паводле сведкаў, мужчына ўразіў мінакоў: жанчыны чырванелі, дзяўчаты крычалі, а мужчыны ўсміхаліся. Вандроўка эксгібіцыяніста працягнулася не больш за 10 хвілін, пасля чаго прыехалі міліцыянты, якія адвезлі яго ў пастарунак.

Вядома, што па гэтым выпадку распачатая крымінальная справа па артыкуле "Хуліганства". Паводле папярэдняй інфармацыі, мужчына здаровы. Яму пагражае турэмнае зняволенне да трох гадоў.

Другі выпадак адбыўся ў "спальным" мікрараёне "Вулька". Распрануты юнак бегаў па міні-рынку, прыкрываючыся абярэмкам травы. Потым кінуўся да шашы, дзе і быў затрыманы. Міліцыянты патэлефанавалі ў псіхіятрычны дыспансэр, супрацоўнікі якога забралі маладога чалавека, растлумачыўшы яго паводзіны сезонным абвастрэннем псіхічнага захворвання.

Аляксей МУРЛАНАЎ, Еўрарадыё, Брэст