У Брэсцкай вобласці з вокнаў выпала трое малалетніх дзяцей

Следчы камітэт просіць бацькоў быць уважлівымі і не пакідаць дзяцей без нагляду ў памяшканнях з адчыненымі вокнамі. У Брэсцкай вобласці за апошнія некалькі дзён адбылося тры няшчасныя выпадкі, калі малыя выпалі з вокнаў і атрымалі сур’ёзныя пашкоджанні.

9 жніўня ў Баранавічах 3-гадовая дзяўчынка выпала з вакна кватэры на 5-м паверсе. Маладая сям’я прыехала дадому з лецішча, а ў кватэры заставалася адчыненым вакно. Пакуль бацькі раскладвалі рэчы і ўмываліся, іх дзіця залезла на падаконне. Малая абаперлася на маскітную сетку і разам з ёй упала ўніз. Дзіця трапіла ў лякарню з траўмамі.
У той жа вечар з кватэры на трэцім паверсе ў Белаазёрску Бярозаўскага раёна выпаў 3-гадовы хлопчык. Бацька з бабуляй пакінулі яго дома з 5-гадовым братам, пакуль дзеці спалі, а самі паехалі ў краму. Вокны і дзверы былі зачыненыя, апроч форткі на кухні. Каля форткі стаяў зэдлік. Дзіця прачнулася, палезла ў вакно і ўпала ўніз. Відавочцы здарэння выклікалі хуткую. Хлопчык у лякарні з пашкоджаннямі.

Сёння раніцай у Мікашэвічах з вакна на 5-м паверсе выпаў 4-гадовы хлопчык. Уся сям’я спала ў пакоі пры адчыненым акне з маскітнай сеткай. Бацькі прачнуліся ад крыку сына, які ўпаў на бетонную пляцоўку перад будынкам. Хлопчык цяпер знаходзіцца ў рэанімацыі.

Следчы камітэт правярае абставіны гэтых трагічных здарэнняў. Адзначаецца, што ўсе сем’і былі сацыяльна станоўчымі.

Фота: vg-news.ru