У Бярдзянску ўстановяць помнік плёткам і плеткарам

У курортным украінскім горадзе Бярдзянск установяць арыгінальны помнік у выглядзе гіганцкіх бронзавых вушэй. Помнік плёткам і плеткарам маюць намер устанавіць гарадскія ўлады пры падтрымцы мясцовых прадпрымальнікаў, паведамляюць украінскія інфармацыйныя агенцтвы са спасылкай на мэра горада.

Бронзавыя вушы метровай вышыні будуць устаноўлены на пастаменце ў цэнтральнай частцы горада на набярэжнай Азоўскага мора.

Акрамя таго, ў верасні тут таксама запланавана ўстанавіць помнік сквапнасці ў выглядзе сімвалічнай 250-кілаграмовай жабы з бронзы, якая будзе сядзець на галовах мужчыны, жанчыны, старога і падлетка, сімвалізуючы тое, што "жаба душыць" людзей у любым узросце.

Паводле інфармацыі гарадскіх уладаў, у наступным годзе ў курортнай зоне Бярдзянска будзе прадоўжана ўстаноўка самых арыгінальных помнікаў і скульптур, у прыватнасці — помнік добрай цешчы ў выглядзе скульптуры пажылой жанчыны, якая сустракае любага зяця з працы з падносам з чаркай і закускай.

У горадзе ўжо ўстаноўлены арыгінальныя помнікі бычку-кармільцу, хлопчыку-рыбаку, дзецям лейтэнанта Шмідта, сантэхніку, дзядзю Васю з дзядзем Мішам і чароўнае крэсла выканання жаданняў.

“Звязда”