У Быхаўскім раёне невядомыя знішчылі цэлае возера
Разам са страчаным вадаёмам загінула вялікая колькасць рыбы.
Надзвычайнае экалагічнае здарэнне ў Быхаўскім раёне Магілёўскай вобласці — каля вёскі Следзюкі невядомыя разбурылі дамбу на штучным возеры плошчай у гектар, у выніку чаго з вадаёму сышла ўся вада. Пустую чашу возера інспектары аховы жывёльнага і расліннага свету знайшлі 8 ліпеня. На дне асушанага вадаёма засталася рыба, якая загінула і пачала гніць, з-за чаго навокал стаяў неймаверны смурод.
Усяго налічылі 2 072 асобіны сярэбранага карася, а шкоду навакольнаму асяроддзю ацанілі ў 373 мільёны рублёў.
Невядомыя асобы, якія разбурылі дамбу, паведамілі мясцовым жыхарам, што нібыта выкупілі возера і маюць намер пашырыць яго плошчу да 5 га.
Па словах старшыні Следзюкоўскага сельсавета Жанны Кірылавай, нейкія людзі сапраўды мелі планы на гэтае возера і двойчы звярталіся да мясцовых уладаў, каб узяць яго ў арэнду, але ж у сельсавеце сказалі, што не маюць за вадаёма ніякага дачынення і таму на законных падставах яго ў арэнду не здадуць.
Чыноўніца не ведае, з якой мэтай было знішчанае возера і загубленая рыба, бо браканьерства ў гэтым выпадку не відавочнае.
Крымінальную справу па факце здарэння пакуль не заводзілі, праверку праводзіць Быхаўскі РАУС, паведамляе БелаПАН.
Фота: bykhov.by