У "чарнобыльскай зоне" затрымалі чатырох сталкераў з Міншчыны
Маладыя людзі незаконна патрапілі ў зону адчужэння.
Чатырох сталкераў з Мінска і Мінскай вобласці ва ўзросце ад 18 да 27 гадоў затрымалі міліцыянеры ў вёсцы Дзярновічы Нараўлянскага раёна. Гэты населены пункт знаходзіцца на тэрыторыі, якая падверглася радыеактыўнаму забруджванню.
Затрыманыя распавялі, што напярэдадні прыехалі ў Нароўлю, дзе пакінулі аўтамабіль. Самі ж яны пешшу пайшлі ў зону адчужэння. Яны патлумачылі, што хацелі паглядзець "чарнобыльскую зону", паколькі з'яўляюцца "сталкерамі".
Як адзначае прэс-служба міліцыі Гомельскай вобласці, звычайна туды імкнуцца прыхільнікі індустрыяльнай культуры, папулярнай кампутарнай гульні STALKER і проста аматары вострых адчуванняў, якія пранікаюць у зону адчужэння.
Міліцыянеры склалі пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэнні. Маладым людзям пагражае штраф — ад 1,5 да 4,5 млн рублёў.
Фота — bymedia.net