У Чэхіі сёння на гадзіну спыняцца прадпрыемствы і транспарт

Усеагульны страйк медыкаў пачаўся сёння ў Чэхіі. Па ўсёй краіне аказваецца толькі неадкладная медыцынская дапамога. Як паведамляе ИТАР-ТАСС, у акцыі, якая працягнецца 8 гадзін, удзельнічае да 50% лекараў, медсёстраў, тэхнічнага персаналу бальніц і паліклінік.

Да медыкаў ужо далучыліся некаторыя пражскія хлебапёкі, з-за чаго адзначана зніжэнне паставак свежага хлеба ў сталічныя крамы. Акрамя таго, на адну гадзіну сёння ў Чэхіі спыняць працу прадпрыемствы, спыніцца рух грамадскага транспарту і цягнікоў. Чакаецца, што ў акцыі будуць удзельнічаць больш за 300 тысяч чалавек.

Адзначым, што ўдзельнікі страйку патрабуюць спынення сацыяльна-эканамічных рэформаў, якія праводзіць урад. На думку прафсаюзных лідэраў, яны носяць "антысацыяльны характар".