У Эстоніі забіты яшчэ адзін дэманстрант

У Эстоніі забіты адзін з затрыманых падчас беспарадкаў, якія адбываліся ў Таліне ў апошнія дзве ночы, паведамляе сайт газеты “Новые Известия”.

Згодна са звесткамі расійскіх журналістаў, у Інтэрнэце з'явіўся ліст, які распаўсюджваецца ўдзельнікамі арганізацыі “Начная варта” ў абарону помніка савецкім салдатам.


“Адзін з затрыманых у Таліне чальцоў арганізацыі здолеў уначы патэлефанаваць свайму сябру. Ён сказаў, што каля 100 чалавек утрымліваюцца ў Марскім тэрмінале, - сказала карэспандэнтка тэлеканала “Россия”, на якую спасылаюцца “Новые Известия”. - Ва ўсіх звязаныя рукі, чуюцца крыкі, лямант, людзей збівае паліцыя, дубінкамі і нагамі. Проста ў яго на вачах да смерці забілі маладога чалавека”.


Раней паведамлялася, што ў ноч з чацвярга на пятніцу быў забіты малады чалавек. Пазней высвятлілася, што ён быў грамадзянінам Расіі. Улады Эстоніі дагэтуль не паведамілі расійскаму боку прозвішча памерлага і акалічнасці здарэння.