У фільма "Каманда" з'явіцца рымэйк

Кінакампанія 20th Century Fox здыме новую версію знакамітага баявіка "Каманда", які 25 гадоў таму канчаткова ператварыў Арнольда Шварцэнэгера ў галівудскую суперзорку.  Пра гэта паведамляе рэсурс Deadline Hollywood. Аўтарам сцэнарыя і рэжысёрам рымейка прызначаны Дэвід Эер, які прыдумаў сюжэт фільма "Трэніровачны дзень".

Нагадаем, што ў арыгінальнай карціне Шварцэнэгер выканаў ролю адстаўнога спецназаўца Джона Мэтрыкса, у якога выкрадаюць дачку, каб прымусіць яго здзейсніць палітычнае забойства. Але Мэтрыкс уцякае і знаходзіць ваенную базу, на якой трымаюць яго дачку. У выніку ён знішчае ўсіх баявікоў і вызваляе дачку.

Зараз сцвярджаецца, што ў новай версіі галоўны герой не будзе адрознівацца такімі выбітнымі фізічнымі дадзенымі, як Шварцэнэгер, але будзе дасведчаным у тактыцы вядзення дыверсійнай вайны і будзе лепш валодаць зброяй. Варта адзначыць, што сам Дэвід Эер раней быў вайскоўцам ВМС ЗША і добра ведае пра падрыхтоўку частак спецыяльнага прызначэння.

Хто выканае галоўную ролю ў новай версіі "Каманда", пакуль невядома.

Фота: toutlecine.com