У Гаіці ад халеры памерла ўжо 220 чалавек

Колькасць ахвяраў успышкі халеры ў Гаіці расце — на канец дня ў суботу памерла 220 чалавек, каля 3 тысяч шпіталізаваныя, паведамляе ВВС. Пакуль халеру зафіксавалі на поўначы краіны. Улады спрабуюць не дапусціць далейшага распаўсюду захворвання. Ёсць засцярогі, што колькасць ахвяраў узрасце, калі інфекцыя дабярэцца да лагераў, дзе жыве каля 1 мільёна 300 тысяч чалавек, што пацярпелі ад студзеньскага землятрусу. У гэтых лагерах людзі дагэтуль жывуць у намётавых мястэчках з кепскімі санітарнымі ўмовамі і мінімальным доступам да чыстай пітной вады. Паводле спецыялістаў, тут распаўсюджваецца асабліва небяспечны штам халеры О1, які можа літаральна спаліць чалавека за тры гадзіны.