У Гарошкаве на Гомельшчыне пройдуць чытанні памяці паэта Анатоля Сыса

У вёсцы Гарошкаў, што пад Рэчыцай 30 кастрычніка адбудуцца чытанні, прысвечаныя памяці знакамітага беларускага паэта Анатоля Сыса (1959 — 2005). Чытанні атрымалі назву “Дух — гэта, людзі, Я!” У гэтай традыцыйнай імпрэзе, якую ладзяць штогод, возьмуць удзел паэты і пісьменнікі з Мінску, Гомеля, Рэчыцы. Апроч гэтага, у часе свята адбудзецца прэзентацыя дакументальнага фільма “Сыс пра Сыса”. Пісьменнік Леанід Галубовіч прэзентуе сваю кнігу “Сыс і кулуары”. 

Ушанаванне памяці паэта пачнецца з ускладання кветак да помніка Анатоля Сыса на могілках у Гарошкаве. Адзначым, што 26-га кастрычніка паэт мог бы адзначыць 51-ы дзень народзінаў.