У газавай вайне Расіі і Ўкраіны выйграе Беларусь

Расійскі газ больш не трапляе ў Еўропу праз Украіну. Беларусам ад гэтага толькі цяплей. Былы міністр эканамічнага развіцця і гандлю Расійскай Федэрацыі Яўген Ясін лічыць, што чарговы газавы крызіс зноў нагадвае аб неабходнасці новых шляхоў транзіту. Таму Расія і будуе паўночны трубаправод праз Балтыку. Бо сёння ўкраінцы адмаўляюцца супрацоўнічаць, а ў наступным годзе на іх месцы могуць быць беларусы.

Яўген Ясін: Гэты крызіс падкрэслівае для Расіі важнасць альтэрнатыўных шляхоў транспарту газу, якія Беларусь прадстаўляе без скандалаў. Хаця сёння Ўкраіна не жадае плаціць больш за Беларусь, а ў наступны раз на іх месцы могуць апынуцца беларусы. Але Расіі выгоднае дыверсіфікаванне транзіта газу, таму яна і будуе паўночны шлях. У будучым - паўночная плынь, украінскі і беларускі напрамак будзе добрым варыянтам, які можа выключыць падобныя крызісы.

Еўрарадыё запытала ў беларускага эканаміста Сяргея Жбанава, якія наступствы газавая вайна можа мець для нашай краіны. На яго думку, тое, што Беларусь ад газавай вайны толькі выйграе, — гэта і конь разумее.

Сяргей Жбанаў: Беларусь толькі выйграе ад газавых спрэчак паміж Расіяй і Ўкраінай. Газпром ніколі не вядзе вайну на два фронты — гэта каню зразумела. Натуральна, што мы павялічылі транзіт праз Беларусь, гэта ж прамы фінансавы выйгрыш.

Спадар Жбанаў гаворыць, што Газпрам не называе цану на газ для Беларусі менавіта таму, што хтосьці ж павінен транспартаваць блакітнае паліва у Еўропу, каб яна "не пакрылася лядзяшамі". За гэтую ролю еўрапейцы Беларусь павінны ўзнагародзіць, мяркуе эканаміст.

Сяргей Жбанаў: Я думаю, што не выпадкова ідзе затрымка з канчатковай цаной для Беларусі. У выніку Беларусь узнагародзяць за тую ролю, якую яна адыграла са сваёй транзітнай сістэмай у гэтым канфлікце. Таму што, калі б не было альтэрнатыўнай сістэмы, Еўропа ўжо даўно б там лядзяшамі пакрылася. А так, напрыклад, Нямеччына ўвогуле не мае ніякіх праблем з газам, і нават прадае Венгрыі. А Польшча загадзя зрабіла заяўку на пераарыентацыю транзітных плыняў, і ў выніку зніжэнне для іх было толькі 16%. Роля Беларусі відавочная!

Нягледзячы на павелічэнне транзіту газу праз Беларусь, шмат еўрапейскіх краін засталіся без расійскага паліва. Сярод іх Балгарыя, Венгрыя, Грэцыя, Турцыя, Чэхія ды іншыя.

Фота - Новая газета