У Глыбокім адкрыўся фестываль вішняў

Падчас фестывалю ў Глыбокім адбудзецца вішнёвы кірмаш, адкрыецца выстава кулінарных вынаходстваў, будзе працаваць навукова-практычная канферэнцыя. Адной з цэнтральных падзей стане адкрыццё манументальна-дэкаратыўнай кампазіцыі "Вішанька". Двухметровая статуя, створаная віцебскім скульптарам Іванам Казаком, уяўляе сабой цыліндрычную тумбу, стылізаваную пад дрэва з гронкай спелых вішняў, інфармуе БелТА.

Падчас фестывальнага тыдня ў Глыбокім таксама будзе арганізаваны бібліятэчны калейдаскоп "Аб вішні румянай замовіце слова" і тэматычны Дзень кіно, а на гарадскім стадыёне пройдуць конкурсныя праграмы "Спартыўная вішанька" і "Вішнёвы марафон".

На памяць аб фестывалі ў Глыбокім плануюць даць назву Вішнёвая гарадской вуліцы, якая размешчана па суседстве з вішнёвым садам. Яго пасадзілі ў красавіку гэтага года спецыяльна да фестывалю.