У Гомелі дэгустацыю крамбамбулі палічылі распіццём ў грамадскім месцы

Дэгустацыю прадукцыі адной з кампаній, якая адбывалася ў Цэнтральным універмагу Гомеля, міліцыянты палічылі распіццём у грамадскім месцы. У адпаведнасці з новай рэдакцыяй Адміністрацыйнага кодэксу, на арганізатараў прома-акцыі складзены пратакол. 26 лютага ў гомельскім ЦУМе было арганізавана адразу дзве “алкагольныя” дэгустацыі. Дэгуставалі ў тым ліку і крамбамбулю. Гомельскі каардынатар аргкамітэта па стварэнні партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” Яўген Якавенка звярнуў увагу на тое, што ў наведнікаў крамы, якія падыходзілі да прома-стэнда, не правяралі пашпартоў, і выклікаў міліцыю.

Хлопец заявіў, што ў грамадскім месцы адбываецца распіццё спіртных напояў. Праз 20 хвілінаў пасля выкліку ў ЦУМе з’явіліся міліцыянты. Пасля працяглай спрэчкі з арганізатарамі дэгустацыі яны ўсё ж склалі пратакол за распіццё спіртовых напояў у грамадскім месцы і агітацыю за іх ужыванне. Чым гэта адгукнецца арганізатарам дэгустацый, пакуль невядома.