У Гомелі пацёк малочны ручай (фота)
Ручай на тэрыторыі аднаго з гаражных кааператываў Гомеля 31 траўня напоўніла белая вадкасць. Фотаздымкі гэтай незвычай з'явы з'явіліся ў сацыяльных сетках. Як піша onliner.by, ручай працякае паміж гаражамі і праз паўкіламетра ўпадае ў возера, якое злучаецца з ракой.
Непадалёк ад кааператыву знаходзіцца буйное прадпрыемства, якое займаецца перапрацоўкай малака, — "Мілкавіта". Але паміж ім і гаражамі — каля сотні метраў.
Гамяльчук Алег Місачэнка, які сфатаграфаваў малочны ручай, кажа, што ў яго з'явілася ўражанне, што ў ручай проста злілі малако. Зранку 1 чэрвеня вада была ўжо колеру кавы з малаком. Па словах гамельчука, падобныя выпадкі здараліся і раней, але не ў такіх маштабах.
У ААТ "Мілкавіта" кажуць, што у іх не выкарыстоўваецца такая сістэма водаадвядзення. Сцёкі павінны прайсці папярэднюю ачыстку, а потым іх накіроўваюць у агульную каналізацыю і адтуль — на гарадскія ачышчальныя збудаванні. На прадпрыемстве кажуць, што высвятляюць, што за белая вадкасць і як яна трапіла ў ваду. Пра вынікі абяцаюць паведаміць дадаткова.