У Гомелі спрабавалі сарваць прэзентацыю "Ладдзі роспачы"

Прэзентацыя непадцэнзурнага выдання кнігі "Ладдзя роспачы" беларускага класіка Уладзіміра Караткевіча мусіла прайсці ў Гомелі адразу ў трох месцах. Але прайшла толькі у адным - на філалагічным факультэце Гомельскага дзяржуніверсітэта. Нагадаем, што кнігу выдаў Глеб Лабадзенка, журналіст агульнадзяржаўнай газеты "Звязда". У гімназіі №51 супрацоўнікаў "Звязды" напачатку нават запусцілі у актавую залу, каб яны пачалі рыхтавацца. Але праз нейкі час прыйшла сакратарка дырэктара школы, папрасіла прабачэння і сказала, што яны вымушаны адмовіць. Па яе словах, раптоўна высветлілася, што да іх у хуткім часе павінна прыбыць нейкая праверка. Але як пасля даведаліся самі журналісты, ніякіх праверак у гімназіі ніхто рабіць не збіраўся.

У другім месцы - Улукаўскай школе-інтэрнаце напачатку таксама пагадзіліся на прэзентацыю. Аднак цягам дня са школы перазванілі і сказалі, што просяць прабачэння, але прэзентацыя не адбудзецца. Маўляў, работнікі школы забыліся на паход у цырк.