У Гомелі судзяць за ненапісаную кантрольную работу

Супраць студэнткі завочнага факультэта Гомельскага універсітэта спажывецкай кааперацыі распачалі крымінальную справу па падазрэнні ў махлярстве. Справа была распачата 19 кастрычніка. 23-гадовая дзяўчына размясціла ў Інтэрнэце аб'яву аб напісанні за ўзнагароду курсавых і дыпломных прац. Да яе звярнуўся жыхар Жлобіна, студэнт аднаго з гомельскіх ВНУ.

Ён дамовіўся з дзяўчынай, што яна напіша яму кантрольную работу па эканоміцы за 70 тысяч рублёў. Малады чалавек перадаў грошы і атрымаў кампакт-дыск. Аднак кантрольнай на дыску не было. У выніку студэнт звярнуўся ў міліцыю.

Як высветлілася, у самой дзяўчыны вельмі нізкая паспяховасць, сярэдні бал па дзесяцібальнай сістэме — чатыры. Сваю віну дзяўчына не прызнае. На думку міліцыянтаў, суд прызначыць ёй штраф або ўмоўны тэрмін.

Беларускія навіны