У гомельскіх актывістаў паўторна канфіскавалі тэхніку

Сёння ў Гомелі супрацоўнікі КДБ правялі ператрусы ў грамадска-палітычным офісе на вуліцы Палескай, 52, а таксама ў кватэрах старшыні абласной арганізацыі АГП Васіля Палякова і праваабаронцы, кіраўніка гарадзкой арганізацыі "Прававая ініцыятыва" Леаніда Судаленкі.  Па словах Судаленкі, гэта быў паўторны ператрус.

Судаленка: “Вобшукі цягнуліся ад адной да дзвюх гадзінаў. Мінулым разам вынеслі ўсю аргтэхніку. Але мы за гэтыя 20 дзён нейкім чынам змаглі прыдбаць новую аргтэхніку, якую сёння зноў забралі”.

Між іншым, па словах Судаленкі, у яго канфіскавалі прыватны ноўтбук, працоўны стацыянарны камп'ютар, камп'ютары яго дзяцей, ксеракс.

Ператрус адбыўся з санкцыі абласнога пракурора ў межах крымінальнай справы пра масавыя беспарадкі ў Мінску 19 снежня.