У горадзе Іўе цэлы тыдзень міраточаць абразы

У горадзе Іўе Гродзенскай вобласці ўжо тыдзень міраточаць абразы. Усё пачалося з іконы Божай Маці “Умякчэнне злых сэрцаў”, якая знаходзілася ў хаце прыхаджан Аляксандра і Алены Ахрамовічаў.
На наступны дзень міраточыць пачаў абраз Казанскай Божай Маці, а потым усе дзесяць абразоў, якія віселі ў чырвоным куце хаты. Нават самая простая папяровая друкаваная ікона, якая наўпрост была прылеплена скотчам да сцяны, заміраточыла.

Алена Ахрамовіч аднесла тры абразы ў царкву, каб усе людзі маглі прыкласціся да іх. А калі суседка прынесла свае абразы ў хату Ахрамовічаў, то і яны пачалі міраточыць. Спадарыня Алена кажа, што так адбываецца з усімі праваслаўнымі іконамі, якія людзі прыносяць у іх хату.
Алена Ахрамовіч: “Цяпер у нас дома адбываюцца богаслужэнні тры разы на дзень: а 9-ай гадзіне раніцай, а 7-ай і 9-ай увечары. Прыязджаюць святары з суседніх мястэчак. Вельмі шмат паломнікаў, былі і з Ліды, і са Слоніма, і з Мінску, і з Гродна.

Гэтую міру людзі нясуць дадому, калі ёсць нехта хворы, то ватай здымаюць яе кроплі з абраза і прыкладаюць да хворага месца. Гэта можна рабіць, і ёсць выпадкі, калі стан хворых палепшыўся”
.

Святар івейскай царквы ў гонар святога мучаніка немаўляці Гаўрыіла Беластоцкага айцец Вячаслаў Пашкевіч кажа, што няма розніцы, дзе пачынаюць міраточыць абразы: у хаце ці ў царкве. Сэнс гэтага цуда не ў месцы, а ў самой сутнасці з’явы.

Цяпер, у Вялікі пост, перад Пакутнай Седміцай, калі жыццё праваслаўнага чалавека асабліва інтэнсіўнае, гэта знак вернікам да ўмацавання ў іх веры. Гаворыць айцец Вячаслаў.

Айцец Вячаслаў: “Гэты знак Божы яшчэ раз даказвае нам тое нябачнае, не зразумелае для нас замагільнае жыццё, духоўнае жыццё, да якога мы ўсе мусім імкнуцца і ў якое мусім верыць.

Як казаў Гасподзь: царства маё не ад гэтага света. І не ад гэтага света яўляецца гэты цуд – міратачэнне абраза.

У любым разе, гэта праява міласці Божай і напамін нам, што трэба крыху змяніць сваё жыццё. Верніку дастаткова проста пачуць, што недзе абраз міраточыць, і гэтага дастаткова для ўмацавання веры і для радасці ў Богу”.

Насцярожана ставіцца да такіх цудаў мастак Алесь Пушкін, які сам пісаў і рэстаўраваў абразы. Ён на свае вочы бачыў, як міраточыць абраз, калі займаўся яго рэстаўрацыяй у Віцебску.

“Гэта сапраўды цуд і містыка, у гэта трэба верыць”, — кажа мастак, але прыгадвае нядаўні выпадак пад Дзяржынскам, у Койданаве.

Паўтара году таму на ўсю краіну гучалі гэтыя назвы, бо там таксама міраточылі абразы. Тады Пушкін паехаў у Койданава, дзе пабачыў натоўпы паломнікаў і журналістаў.

Алесь Пушкін: “Шмат прысутнічала фатографаў, журналістаў. Канешне, я пабачыў, якія ідуць ахвяраванні на царкву, як купляюць свечкі. І вось прайшоў час, ужо паўтара году.

Там была створаная епархіяльная камісія. Старэнькі святар памёр ад інфаркту, маладога пазбавілі сану і некуды саслалі.

Высветлілася, што пачатак усяго быў эканамічны: не хапала грошай на рамонт даху. Цяпер усе стараюцца не ўзгадваць гэты ажыятаж.

Цяпер, пры сучасных тэхналогіях, пры жаданні можна зрабіць вельмі шмат. Таму я і стаўлюся вельмі насцярожана да такіх цудаў”.


Вакол Іўя ажыятажу значна менш, чым тады вакол Койданава. Міраточаць усё больш абразоў.

Кажуць, першым цуд заўважыла дзіцё, дый здарылася гэта не ў храме, а ў звычайнай хаце. Людзі, чые прынесеныя абразы пачынаюць міраточыць, не сумняюцца ў цудзе.

Фота - globus.tut.bу