У Гродне адбудзецца разбор даносу Радкевіча на паўстанцаў Каліноўскага

У Гродне пройдзе адкрытая лекцыя доктара гістарычных навук Алеся Смалянчука "Анатомія палітычнага даносу: Радкевіч vs Каліноўскі". Як паведаміў Еўрарадыё Смалянчук, усё пачалося з дакумента, знойдзенага ім у архіве.

Алесь Смалянчук: "Радкевіч патрабаваў каб яму выплацілі 500 рублёў за даносы, напісаныя падчас паўстання 1863 года. Сума гэтая велізарная для таго часу. Фактычна з гэтага моманту ў мяне і пачалася цікавасць. На лекцыі паспрабую разабрацца, чаму частка насельніцтва не падтрымала паўстанцаў, паказаць прычыны гэтага даносу".

Даносчыкам быў жыхар мястэчка Новы Двор Ваўкавыскага павета, адстаўны жаўнер Восіп Радкевіч, які за гэтую сваю дзейнасць пацярпеў ад паўстанцаў Кастуся Каліноўскага - у ліпені 1863-га была забітая яго жонка.

Пасля гэтага ён працягваў пісаць даносы, якія справакавалі серыю судовых разбіральніцтваў, што працягваліся ў Новым Двары цэлае дзесяцігоддзе.

Мерапрыемства, якое праводзіцца ў межах кампаніі "Год беларускай дзяржаўнасці-2008", распачнецца заўтра, 19 сакавіка, а 19-й гадзіне ў памяшканні гродзенскай філіі ТБШ.

Сяргей Апановіч, Еўрарадыё, Гродна