У Гродне кіроўца паркаваўся з пісталетам "Вальтэр" у руках
Ён палохаў іншага кіроўцу і патрабаваў, каб ён вызваліў месца для паркоўкі.
У Гродне кіроўца спрабаваў "адваяваць" месца для паркоўкі свайго аўтамабіля з дапамогай газавага пісталета "Вальтэр". Здарэнне адбылося каля аднаго з шматкватэрных жылых дамоў па праспекце Кляцкова. Месца, якое мужчына лічыў "сваім", аказалася занятае іншым аўтамабілем. Тады ён і дастаў пісталет ды стаў пагражаць "расстраляць" апанента.
Як паведамляе прэс-служба міліцыі Гродзенскай вобласці, зламыснік не страляў, але напалохаў іншага кіроўцу. Апошні палічыў, што гэта сапраўдная агнястрэльная зброя і звярнуўся ў міліцыю. Праваахоўнікі затрымалі ўладальніка газавага пісталета. Крымінальную справу распачалі па артыкуле "хуліганства".
Фота з сацыяльных сетак.