У Гродне не змаглі правесці спаборніцтвы снайпераў

Спаборніцтвы “Снежны снайпер” значыліся нават у плане мерапрыемстваў гарвыканкама. Спаборніцтвы праводзяцца сярод школьнікаў горада. Можна было б падумаць, што снайперы страляюць сняжкамі. Але насамрэч заданне падобнае да біятлону: бег на лыжах і стральба з пнеўматычнай вінтоўкі. Розніца толькі ў тым, што страляюць дзеці, седзячы за сталом у ціры.

Спаборніцтвы “Снежны снайпер” упершыню прайшлі ў мінулым годзе. Было чатыры этапы: унутры школы, раённы або гарадскі, абласны і рэспубліканскі. Планавалася, што яны стануць традыцыйнымі. Але ў гэтым годзе Міністэрства спорту і турызму не зацвердзіла палажэнне аб іх правядзенні. У Гродне без гэтага дазволу збіраць снежных снайпераў пабаяліся.

Дарэчы, летась вучні з Навагрудку занялі другое месца ў краіне. У гэтым райцэнтры дзейнічае дзіцяча-юнацкая школа біятлону. А вось у Гродне гэты від спорту не развіваецца.