У Гродне праблемай спадарожнікавых антэн зацікавіліся дэпутаты

У Гродне камунальныя службы працягваюць змагацца са спадарожнікавымі антэнамі, няглядзечы на тое, што суд прыпыніў гучную справу супраць жыхароў з праспекта Касманаўтаў. Нагадаем, што супрацоўнікі ЖЭС падалі на людзей у суд за тое, што тыя адмовіліся зняць антэны.  Жыхары занёманскай часткі горада атрымалі прадпісанні ўзаконіць антэны да 1 сакавіка. Інакш ім пагражае штраф ад 70 да 525 тысяч рублёў. Аднак высветлілася, што у Гродне ніхто не ведае, як атрымаць дазвол. Вось што паведамляе нашая карэспандэнтка Аліна Кашкевіч:

"Камунальшчыкі параілі людзям звярнуцца ва ўпраўленне архітэктуры і горадабудаўніцтва гарвыканкама. Аднак там іх зноў адсылалі да камунальшчыкаў. Тыя спасылаюцца на Правілы добраўпарадкавання, забеспячэння чысціні і парадку горада Гродна, зацверджаныя гарсаветам у 2004 годзе. У іх напісана, што мантаваць інжынерныя прылады на фасадзе можна толькі паводле спецыяльных праектаў, зацверджаных упраўленнем архітэктуры. Аднак падрабязна механізм дзеянняў не апісваецца".


Каб выправіць сітуацыю, выпрацоўкай парадку рэгістрацыі заняліся дэпутаты гарсавету. Аднак на 1 сакавіка ніякага рашэння прынята так і не было. Яно праходзіла экспертызу ў юрыстаў. Жыхары, якія атрымалі прадпісанні, свае антэны не знялі.