У Гродне з'явіўся эксклюзіўны сувенір: крэсла з цвіком (фота)
У Гродне з'явіліся магніцікі на лядоўню ў выглядзе крэсла з цвіком. На крэсле змешчаны надпіс з добра вядомага беларускага анекдота: "А можа, так і трэба?" Такі эксклюзіўны сувенір атрымаюць пераможцы конкурса на лепшую ідэю беларускага магніціка сярод карыстальнікаў ЖЖ.
Незвычайнае спаборніцтва арганізавала журналістка Ірына Чарняўка. Пытанне конкурса было вельмі простым: які прадукт, тавар ці прадмет з'яўляецца настолькі тыповым, што яго выява будзе асацыявацца з Беларуссю без тлумачэнняў? Найбольш галасоў аддалі за крэсла з цвіком, на якое, паводле сюжэта вядомага анекдота, сеў беларус і думаў, што "так і трэба".
Магніты-крэслы з пластыкі зрабіла гродзенская майстрыца Яна Марчук.
“Гэты магніцік — увасабленне таго, як беларускія наведвальнікі інтэрнэта успрымаюць сваю краіну. Яны адзначылі не толькі ідэю, але і яе крэатыўнае ўвасабленне. Хоць троху сумна за такі сімвал Беларусі. Прыемней было б, каб ім сталі дранікі са смятанай”, — кажа Ірына Чарняўка.