У гродзенскім звярынцы з’явіцца басейн для слана

Распачатая ў 2002 годзе рэканструкцыя звярынца скончыцца да лета 2011 года. Пасля перабудовы ў звярынцы з’явяцца новыя аб’екты.
Зараз ужо гатовыя 10 збудаванняў, але аднавілі толькі памяшканне для птушак, а астатнія адбудавалі з нуля.  Адным з самых цікавых аб’ектаў стане сланоўнік. Тут будзе басейн, цёплая падлога і вонкавы вальер.

Уваход у звярынец таксама абяцаюць зрабіць цікавейшым. Па словах галоўнага архітэктара праектаў “Гроднажылпраект” Уладзіміра Лытава, тут размесціцца пяць збудаванняў – галоўны уваход, спецыялізаваная крама, папугайнік, акварыюм, кавярня на сорак месцаў. Проста з-за століка кавярні можна будзе назіраць за рыбкамі.

Зараз у гродзенскім звярынцы жыве 3,4 тысячы жывёлаў, птушак і рыб 312 відаў.