У інтэрнэце з'явілася энцыклапедыя, прысвечаная Кастусю Каліноўскаму

На сайце мінскага гарадскога культурна-асветніцкага клуба "Спадчына" з'явілася электронная энцыклапедыя, прысвечаная Кастусю Каліноўскаму. Сярод матэрыялаў — копіі фотаздымкаў Каліноўскага і лісты чальцоў клуба "Спадчына" з прапановамі аб захаванні памяці кіраўніка нацыянальна-вызваленчага паўстання 1863—1864 гадоў на Беларусі. Сайт змяшчае спіс 245 артыкулаў беларускіх і замежных даследчыкаў пра асобу Каліноўскага, каталог са 123 мастацкіх твораў і дакументы, якія адлюстроўваюць яго жыццё і дзейнасць, у тым ліку фотакопіі нумароў газеты "Мужыцкая праўда".

Праца над электроннай энцыклапедыяй пра Каліноўскага працягваецца амаль чвэрць стагоддзя і яшчэ не завершаная. "Праз некаторы час у энцыклапедыю ўвойдуць матэрыялы выдання з серыі "Беларускага кнігазбору" "Кастусь Каліноўскі", падрыхтаванага беларускім літаратуразнаўцам Генадзем Кісялёвым, а таксама галерэя з 75 алейных і графічных, скульптурных і медальерных партрэтаў Каліноўскага, яго паплечнікаў у барацьбе за Беларусь з фондаў Старадарожскага нацыянальнага мастацкага музея", — распавёў у інтэрв'ю  агенцтву БелаПАН старшыня клуба "Спадчына" Анатоль Белы.