У Івянцы адбыўся творчы кірмаш
У гарадскім пасёлку Івянец непадалёк ад Мінску 16 кастрычніка адбылася падзея, якая стала спробай адраджэння старадаўняй традыцыі кірмашу, апавядае Радыё Свабода. Кірмаш пачаўся з асвячэння адноўленай капліцы Божай Міласэрнасці ў колішняй сядзібе Пятра Драгунцава. Менавіта сярод старых будынкаў гэтага маёнтка і быў зладжаны Творчы кірмаш, што арганізавалі Івянецкі музей традыцыйнай культуры, цукеркавае прадпрыемства "Івкон" ды Івянецкі пасялковы савет. Увесь вялікі кірмаш быў падзелены на асобныя тэматычныя кірмашыкі, і кожны чалавек мог не толькі паназіраць за працай кавалёў, ткачоў, кухараў ды іншых майстроў, але і сам намаляваць карціну, праспяваць песню ці нават знайсці сабе жонку, узяўшы ўдзел у вясельным кірмашыку. Была магчымасць трапіць і на дэгустацыю цукерак — як зрабілі, напрыклад, святары Івянецкага касцёлу.
Арганізатары кірмашу заклікалі ўсіх раскрыць свае таленты і здольнасці. Атмасферу свята стваралі прадстаўнікі рыцарскіх клубаў, а таксама музыкі, сярод якіх былі гурты "Джамбібум" і "Дубінскія фанабэры", спяваў там і Зміцер Вайцюшкевіч. Агулам на фэсце сабралася каля 2 тысячаў чалавек. Гэта быў першы Івянецкі Творчы кірмаш, які арганізатары абяцаюць зрабіць і налета.