У Кангрэсе ЗША пройдуць слуханні аб правах чалавека ў Беларусі

Такое рашэнне было прынятае пасля сустрэчы амерыканскіх палітыкаў з лідэрам руху "За Свабоду" Аляксандрам Мілінкевічам. Па звестках прэс-службы руху, Мілінкевіч сустрэўся з першым намеснікам памочніка дзяржсакратара па дэмакратыі і правах чалавека, былой амбасадаркай у Мінску Карэн Сцюарт, старшынём Хельсінкскай камісіі ЗША кангрэсменам Элсі Хастынгсам, аўтарам Акту аб дэмакратыі ў Беларусі кангрэсменам Крыстаферам Смітам ды іншымі дзеячамі.

Мілінкевіч распавёў пра палітвязняў у Беларусі, рэпрэсіі супраць незалежных журналістаў, нагадаў, што працягваецца практыка адмовы ў рэгістрацыі палітычных і грамадскіх арганізацый.

Крыстафер Сміт адзначыў, што дыялог павінен быць крытычным і абумоўленым, бо санкцыі не могуць быць накіраваныя супраць простых людзей. На думку кангрэсмена, ЗША павінны дамагацца разам з АБСЕ рэальных змен практыкі выбараў: уключэння ва ўсе камісіі прадстаўнікоў незалежных кандыдатаў.

Дырэктар па адносінах з ЕС Савета нацыянальнай бяспекі Крысціна Квін заявіла пра неабходнасць каардынаваць палітыку ЗША і ЕС наконт Беларусі.