У КДБ ёсць "кампрамат" на Міхалевіча

Як расказаў экс-кандыдат у прэзідэнты па вяртанні дахаты, допыт быў кароткім і "дзяжурным". Але пасля допыту следчы сказаў Міхалевічу, што з ім хоча сустрэцца "адзін чалавек". Ім аказаўся супрацоўнік КДБ. Ён паказаў Алесю Міхалевічу фрагмент відэазапісу адной з яго размоваў з операмі ў часе зняволення ў СІЗА КДБ, паведамляе "Наша Ніва".

Са словаў Міхалевіча, гэта была "сустрэча з аператыўнымі работнікамі, якая мела месца пасля 10 студзеня, піку катаванняў". Паказаны Міхалевічу фрагмент відэа ўтрымліваў момант размовы, калі Міхалевіч п’е гарбату і гаворыць з работнікамі КДБ пра замежных дыпламатаў у Мінску. "У нейкі момант я нават усміхаюся", — кажа Міхалевіч. "З гэтага выйдзе поўнаметражны фільм", — са словаў Міхалевіча, сказаў яму аператыўны работнік КДБ.

Міхалевіч з гумарам успрымае такі "кампрамат" на сябе. Калі чалавека пасля пяці расцяжак у дзень пояць гарачай гарбатай з шакаладам, вядома, ён усміхаецца. Паказ фільма на БТ толькі зверне ўвагу грамадства на змаганне палітвязняў, мяркуе ён.

Нагадаем, што 28 лютага Алесь Міхалевіч шакаваў свет сваім прызнаннем аб катаваннях у СІЗА КДБ. Яго выпусцілі на свабоду толькі пры ўмове, што ён падпіша дамову пра сексоцтва.

Міхалевіч скіраваў зварот у ААН з патрабаваннем расследаваць катаванні ў СІЗА КДБ. Пра яго ўчынак напісалі найбуйнейшыя сусветныя СМІ.