У Кобрыне звальняюць кандыдата ў дэпутаты ад БХД
Актывіст аргкамітэту партыі "Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя" Віктар Гарбачэўскі працуе ў камерцыйным прадпрыемстве "Велпак-Кобрын".
Амаль тры месяцы таму ён уладкаваўся туды спецыялістам па маркетынгу, піша сайт БХД. 8 сакавіка ў Гарбачэўскага заканчваецца выпрабавальны тэрмін.
25 лютага да актывіста падыйшоў дырэктар і заявіў, што выпрабавальны тэрмін будзе працягнуты яшчэ на тры месяцы. Прычынай ён назваў тое, што Гарбачэўскі ўдзельнічае ў выбарчай кампаніі.
Аднак ужо 26 лютага дырэктар заявіў, што звальняе хрысціянскага дэмакрата. Па словах Гарбачэўскага, дырэктар адзначыў, што ён не мае нічога асабістага, але яму паступіла канкрэтнае ўказанне звольніць.