У Кракаве напішуць беларускую дыктоўку
А таксама зладзяць выставу мастачкі Нікі Сандрас і вечарыну беларускай паэзіі.
Мерапрыемствы адбудуцца 24-26 сакавіка ў рамках агульнапольскай акцыі “Салідарны з Беларуссю”. 24 сакавіка дыктоўку паводле твора Максіма Багдановіча прачытае аўтар падручніка беларускай мовы для палякаў, выкладчык Інстытута ўсходнеславянскай філалогіі Ягелонскага ўніверсітэта Дзмітры Клябанаў. Як расказаў Еўрарадыё сябра “Беларускага таварыства ў Кракаве” Аляксей Шота, вынікі дыктоўкі ацэняць асобна — сярод палякаў і беларусаў.
На наступны дзень у кракаўскім клубе “Ціша” папулярная мастачка і блогерка Ніка Сандрас прадставіць сваю графіку і жывапіс. 26 сакавіка беларускія і польскія студэнты зладзяць вечарыну паэзіі.
Нагадаем, акцыю “Салідарны з Беларуссю” ўпершыню арганізавала ініцыятыва “Вольная Беларусь” у 2006 годзе для падтрымкі палітычна рэпрэсаваных беларусаў.