У Курапатах вандаламі зноў зламаныя крыжы

Чарговы акт вандалізму адбыўся ва ўрочышчы Курапаты пад Мінскам, месцы масавых пахаванняў ахвяраў бальшавіцкага тэрору. Невядомыя зламалі 35 крыжоў, дзесяткі крыжоў былі выцягнутыя з зямлі.
Старшыня Беларускага дабраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч кажа ў інтэрв'ю Еўрарадыё, што ён будзе пісаць лісты ў раённую пракуратуру і міліцыю, рыхтаваць зварот і ў Мінкультуры.

Аднак прагназуе стандартныя адказы, як гэта было і раней. Звычайна чыноўнікі пішуць, што гісторыка-культурнай каштоўнасцю з'яўляецца толькі тэрыторыя ўрочышча і ў разглядзе зваротаў адмаўляюць.

Антон Астаповіч мяркуе, што ўлады маглі б без асаблівых высілкаў спыніць акты вандалізму ў Курапатах:

"Гэта цалкам рэальна зрабіць, наладзіць нармальную ахову Курапатаў з боку органаў міністэрства ўнутраных спраў. Калі там адбываецца амаль кожны месяц 29-га чысла невялікая акцыя - запальванне свечак, ускладанне кветак сябрамі таварыства "Мемарыял" - там прысутнічае столькі людзей у пагонах і ў форме!

Літаральна на купку з 10-15 чалавек. Дзе гэтыя людзі ў пагонах і ў форме ва ўсе астатнія дні? Каб яны так неслі службу ў Курапатах, там бы нічога не было".