У Курэйчыка “любовь”, у Дударава “морковь”

Еўрарадыё параўнала ганарары кінасцэнарыста А. Курэйчыка і драматурга А. Дударава.
Камедыя “Любовь-морковь” Аляксея Стрыжэнава акупіла свой бюджэт за першы тыдзень праката.
Яна стартавала ў святочныя сакавіцкія выходныя, калі людзі пайшлі ў кінатэатры па гумар і рамантыку.

Прыгожая карцінка, простыя дыялогі, вядомыя акцёры, якія раптоўна мяняюцца ролямі – і фільм гледачу падабаецца. Засталося дадаць, што сцэнар камедыі напісаў беларускі драматург Андрэй Курэйчык. У яго Еўрапейскае радыё запыталася пра поспех фільма і яго асабісты ганарар.

Андрэй Курэйчык: “Уласна вытворчы бюджэт фільма – два “з капеечкамі” мільёны долараў, а рэкламны – каля трох мільёнаў. То бок агульны бюджэт – больш пяці мільёнаў.

У нас фантастычныя лічбы за першы week-end пракату – з 6-га па 11-га сакавіка – мы зарабілі 5.800 000 $ у Расіі, 500 000 $ на Украіне, і яшчэ нейкія сумы па СНД. Агульны прыбытак прыкладна 6,5 млн $”.


“Любовь-морковь” займела найлепшы паказчык старту камедыі за ўсю гісторыю постсавецкага кіно. Сярод фільмаў усіх жанраў яна заняла трэцяе месца пасля “9-ай роты” і “Дневного дозора”.

Стваральнікі хваляцца касавымі зборамі і лічаць прыбытак, з якога Курэйчык, праўда, не атрымае нічога. Сцэнарысту ў кіно плацяць фіксаваную суму, на якую не ўплываюць касавыя зборы. У Расіі кінасцэнары каштуюць ад 9 да 40 000 $. Але Курэйчык быў дэбютантам.

Андрэй Курэйчык: “Ніхто не ведаў, хто я такі, і мае тэатральныя рэгаліі былі хутчэй вялікім мінусам, бо ўсе лічылі, што гэта зусім іншая прафесія – пісаць сцэнары для кіно. Але мне замовілі “Любовь-морковь-2”, і я думаю, што ганарар мой падымецца”.

Да гэтага Курэйчык працаваў у драматургіі, у яго больш за 30 пастановак у прафесійных тэатрах. Але ён кажа, што бюджэт спектакля не параўнальны з бюджэтам фільма.
Затое драматург, акрамя платы за тэкст п’есы, атрымлівае ганарар з кожнага спектакля, у адрозненні ад аўтара кінасцэнара. Працягвае драматург Аляксей Дудараў.

Аляксей Дудараў: “Па Законе аб аўтарскім праве і сумесных правах і Пастанове Савета Міністраў ад валавага збору са спектакля драматургу ідзе 9 % (калі п’еса напісаная па-беларуску) ці 8 % (калі па-руску ці на іншых мовах). Але гэта “мінімалка”. Аўтар, калі ён аўтарытэтны, можа паставіць свае ўмовы і павялічыць гэты працэнт да разумных памераў”.

Дудараў – аўтарытэтны аўтар, яго “Чорная панна Нясвіжа” ўжо 7 гадоў збірае аншлагі. У бухгалтэрыі Купалаўскага тэатра мы запыталіся пра касавыя зборы гэтага спектаклю.

Бухгалтар: “Зала на “Чорнай панне Нясвіжа” ў нас запоўнена на 100 %. Разавы збор ад продажу квіткоў у нас 3 683 500 рублёў (прыкладна 1 700 $). Гэта за адзін спектаклі. Бывае і па два спектакля на месяц. Ад гэтага спектакля ўсім аўтарам ідзе 25 %”.

Дакладную суму грошай, якая ідзе Дудараву, не называюць, але вядома, што гэта не менш за 15 % ад агульнай выплаты аўтарам. Гэта значыць, што за адзін спектакль ён атрымлівае не менш 425 $. Калі спектакль ідзе ўжо 7 гадоў штомесяц, акрамя летніх, хаця б па адным разе, то агульны ганарар складае як мінімум 27 625 $.

Гэта без уліку кошту самой п’есы, якую выкупляе Міністэрства культуры. Атрымліваецца, што аўтарытэтны беларускі драматург, п’еса якога збірае аншлагі і не збіраецца сыходзіць са сцэны Нацыянальнага тэатра, каштуе не менш за сярэдняга аўтара кінасцэнара ў Маскве.


Фото — www.kupala-theatre.by