У Лагойскім раёне на пажары загінула пяцікласніца
Трагічнае здарэнне адбылося ўвечары 27 кастрычніка ў вёсцы Косіна Лагойскага раёна — на пажары ў жылым доме загінула дзяўчынка, вучаніца 5-га класа мясцовай школы. Паведамленне пра ўзгаранне паступіла ў дзяжурную частку МНС у 20.31 і першае падраздзяленне выратавальнікаў было на месцы ўжо праз чатыры хвіліны. Дом гарэў адкрытым полымем і быў зачынены звонку.
У кухні на падлозе выратавальнікі знайшлі загінулую дзяўчынку. Дарослых у момант здарэння на месцы не было. У доме былі ўсталяваныя пажарныя спавяшчальнікі, аднак ніхто не пачуў, як прыборы спрацавалі — маці ў той момант была на ферме, бацька — у ад’ездзе, а старэйшая сястра дзяўчынкі вучыцца ў Мінску.
На пажары знішчаны дах, знутры згарэлі веранда, кухня і пакой. Па версіі пажарных, прычынай здарэння магло стаць дзіцячае свавольства з агнём, перадае прэс-служба МНС.
Фота: МНС