У лесе пад Лунінцам пралілася журналісцкая кроў (ФОТА)

Падчас другога фестывалю незалежнай прэсы БАЖынкі-2009 журналіст Генадзь Кеснер пабіў калена, а Аляксандар Коктыш і Андрэй Бастунец трапілі ў "параалімпійскую зборную БАЖ" На беразе возера Белае пад Лунінцам 17-18 ліпеня адбываецца фестываль незалежнай прэсы БАЖынкі. Першыя БАЖынкі прайшлі  ў мінулым годзе пад Баранавічамі.

На сёлетні фестываль з’ехаліся некалькі дзесяткаў журналістаў з усіх куточкаў Беларусі, а таксама з Вільні. Адкрыла фестываль старшыня БАЖ Жана Літвіна – жартаўлівай справаздачай, скампіляванай з выказванняў аднаго ўсім вядомага палітыка. Пасля адбыўся сатырычны парад журналістаў — у суправаджэнні “амапаўцаў”.

Гэтыя БАЖынкі прысвечаныя спартовым карэспандэнтам, таму ў праграме — шмат спартовых спаборніцтваў і эстафетаў. Усе ўдзельнікі падзяліліся на 4 каманды, кожная з якіх атрымала бейсболкі рознага колеру.

Не абыйшлося падчас спаборніцтваў і без пацярпелых. У часе футбольнага турніру вядомы журналіст Генадзь Кеснер упаў і пашкодзіў да крыві калена. Калегі Генадзя перш чым перавязваць рану паспяшаліся зрабіць маляўнічыя здымкі. Агулам пацярпелі тры чалавекі — таксама пабілі ногі журналіст Аляксандар Коктыш і юрыст БАЖ Андрэй Бастунец. Калі яны ішлі да намётавага мястэчка, хтосьці жартам назваў іх “паралімпійская зборная БАЖ”.

Прадстаўляючы каманды, майстры пяра і мікрафона спявалі, танчылі, малявалі плакаты, імправізавалі. Апроч таго, журналісты дужаліся ў інтэлектуальным турніры “Што? Дзе? Калі?”. Тут, праўда, абыйшлося без ахвяраў. Увечары ўсіх чакаў шашлык і цэлая бочка халоднага піва.

Сёння адбываецца другі  дзень БАЖынак, будуць падведзеныя вынікі фотапалявання, пройдуць майстар-класы па профілях. Некалькі разоў на дзень паводле плану здзяйсняюцца водныя працэдуры ў возеры Белым. Вада — што вылазіць не хочацца.

Прымае БАЖынкі  лунінецкая газета "Информ-ПРОГУЛКА".













Фота аўтара