У Літве адзначаюць угодкі каранацыі ў Наваградку Міндоўга

Дзень дзяржавы адзначаецца сёння ў Літве. Нагодай для святкавання з'яўляецца 755-я гадавіна каранацыі ў Наваградку караля Вялікага княства Літоўскага Міндоўга. Гісторыкі мяркуюць, што гэта адбылося 6 ліпеня 1253 года, інфармуе "Інтэрфакс".  У Беларусі, якая мае непасрэднае дачыненне да гэтай падзеі, угодкі каранацыі на дзяржаўным узроўні не адзначаюцца.

З выпадку дзяржаўнага свята, прэзідэнт Літвы Валдас Адамкус уручыў дзяржаўныя ўзнагароды групе грамадзян сваёй краіны і замежных дзяржаваў.  Па ўсёй краіне пройдуць урачыстыя набажэнствы, канцэрты, фестывалі, выставы.

Паколькі сёлета свята патрапіла на нядзелю, у панядзелак у Літве абвешчаны выходны дзень.