У Лоеўскім раёне згарэла болей за 450 тон сена

Буйны пажар адбыўся сёння ноччу на тэрыторыі сельгаспрадпрыемства “Ураджайны” ў Лоеўскім раёне Гомельскай вобласці. Там згарэла болей за 450 тон сена, паведамляе БелаПАН. Запасы кармоў знаходзіліся пад трыма навесамі, а тэрыторыю сенасховішча не агароджвалі. Паводле папярэдняй версіі, прычынай пажару стаў падпал. Мясцовыя жыхары сказалі, што зямля вакол навесаў была ўзараная, то бок, агонь не мог самастойна перайсці з адной тарпы на іншую. Усе тры навесы палыхнулі амаль адначасова, цвердзяць вяскоўцы.

Сёлета ўвесну мясцовыя ўлады хацелі далучыць гаспадарку “Ураджайны” да суседняга прадпрыемства, але жыхары выказалі з гэтай нагоды пратэст і пачалі збіраць подпісы. У выніку рашэнне пра рэарганізацыю райвыканкам адмяніў. Таму ёсць версія, што сена маглі падпаліць тыя, хто выступаў супраць самастойнай дзейнасці “Ураджайнага”.

Страты ад пажару склалі прыкладна 70 мільёнаў рублёў.