У Магілёўскай абласной станцыі пералівання не хапае крыві

Недахоп донараў адчувае Магілёўская абласная станцыя пералівання крыві. Пра гэта паведаміла газеце “Магілёўская праўда” загадчыца аддзялення станцыі Юлія Цішкоўская.

На яе думку адна з прычын, якая не спрыяе павелічэнню колькасці донараў — гэта адмена льгот на праезд у гарадскім транспарце. Калі была гэтая льгота, пытанне з недахопам крыві не стаяла, кажа яна.

Юлія Цішкоўская адзначае, што магчыма сітуацыю здолее выправіць новы закон, паводле якога ў донары можна браць і замежных грамадзян, якія стала жывуць на тэрыторыі Беларусі.

Тым часам медыкі вымушаны праводзіць разнастайныя акцыі па збору крыві сярод студэнтаў ВНУ, прадпрыемстваў гораду, ваеннаслужачых, МНС і міліцыі. Гэтыя акцыі дазваляюць знайсці новых донараў.

Старшыня магілёўскай донарскай арганізацыі “Кропля жыцця” Ігар Каваленка паведаміў Еўрарадыё, што доўгі час яго арганізацыя спрабавала прышчапіць культуру донарства многім людзям, аднак, выявілася, што чыноўнікам гэта непатрэбна.

“Па-першае — усе нашыя ідэі засталіся нерэалізаваныя з-за недальнабачнасці чыноўнікаў, а па-другое донары ў нас не ў пашане. Адсюль і праблема з недахопам крыві”, — сказаў Ігар Каваленка.