У Магілёве кандуктарка вырабляла дома фальшывыя талоны

Кандуктарка тралейбуснага парку ў Магілёве вырабляла дома талоны на адну паездку ў тралейбусе і прадавала іх пасажырам. Праваахоўнікі даведаліся пра гэта ды высветлілі, што акрамя 50-гадовай жанчыны падробленыя талоны ў тралейбусах прадавалі і дзве яе знаёмыя, таксама кандуктаркі. У іх знайшлі больш за 300 падробленых білетаў, камп'ютарную тэхніку і пакунак газетнай паперы.

Як інфармуе БЕЛТА, талоны былі падобныя на сапраўдныя. Кандуктарка вырабляла іх з дапамогай каляровага прынтара, разразала і ўклейвала ў катушку з сапраўднымі білетамі. У чэрвені-жніўні 2014 года пасажырам былі прададзеныя больш за 1300 фальшывых талонаў.

У адносінах кандуктарак склалі адміністрацыйныя пратаколы. Матэрыялы перадалі ў суд Ленінскага раёна Магілёва. Жанчынам пагражае штраф — да 3 мільёнаў рублёў.