У Магілёве кіроўцу заціснула паміж двума тралейбусамі

Раніцай 6 студзеня ў Магілёве на прыпынку грамадскага транспарту “Магілёўхімвалакно” мужчыну заціснула паміж двума тралейбусамі. Кіроўца тралейбуса спрабаваў выправіць няспраўнасць у сваім транспартным сродку. У гэты момант да прыпынку пад’ехаў другі тралейбус. Згаданы кіроўца папрасіў у свайго калегі дапамогі, але ў гэты момант яго тралейбус пакаціўся назад.

Кіроўца няспраўнага тралейбуса спрабаваў самастойна прадухіліць сутыкненне, аднак нічога не атрымалася і ён апынуўся заціснуты паміж двума тралейбусамі. У выніку мужчына атрымаў траўмы грудной клеткі і пералом галёнкі, яго шпіталізавалі, паведамляе “Радыё Магілёў”.