У Магілёве навальніца траўмавала 14-гадовага падлетка

Дзесяць раёнаў у Брэсцкай, Мінскай, Магілёўскай і Гомельскай абласцях пацярпелі ў выніку навальніцы і граду, што выпаў мінулай ноччу.
Як адзначае "Інтэрфакс", пацярпелі 18 населеных пунктаў, пашкоджаныя дахі жылых дамоў і сельскагаспадарчых пабудоваў. У Асіповіцкім раёне Магілёўшчыны пашкоджаныя пасевы, у Магілёве ўдарам маланкі траўмаваны 14-гадовы падлетак. Да цяперашняга часу ўжо адноўленая падача электраэнергіі ў абясточаныя ў выніку стыхіі раёны, працягваецца рамонт дамоў і будынкаў.

БЕЛТА інфармуе, што ў вёсцы Баршчоўка Добрушскага раёна градам пашкоджаныя каля 400 дамоў. Град памерам з курынае яйка ішоў каля 20 хвілінаў.