У Магілёве невядомы пашкодзіў шыны васьмі аўтамабіляў

Магілёўская міліцыя шукае невядомага або невядомых, якія ў ноч з 5 на 6 верасня парэзалі шыны васьмі аўтамабіляў у Кастрычніцкім раёне горада. Як паведамляе БелаПАН, зранку 6 верасня ў міліцыю звярнуўся магілёвец. Па словах мужчыны, уначы хтосьці прабіў нажом дзве шыны яго аўтамабіля "Опель Астра", прыпаркаванага ў двары дома на Пушкінскім праспекце. Міліцыянты, якія выехалі на месца здарэння, выявілі такія самыя пашкоджанні яшчэ на сямі аўтамашынах, што знаходзіліся ў гэтым жа двары.