У Магілёве падчас начной рыбалкі патануў 36-гадовы мужчына
Падчас начной рыбалкі ў Магілёве патануў 36-гадовы мужчына. Пра гэта паведамляе прадстаўніца Упраўлення следчага камітэта па Магілёўскай вобласці Аксана Саленюк.
Здарэнне адбылося 12 траўня. Мужчына вудзіў рыбу не адзін. Яго знаёмы убачыўшы, што той доўга не з’яўляецца з вады, забіў трывогу і патэлефанаваў ратавальнікам. Прадстаўнікі МНС прыехалі на месца і з вады дасталі цела ўжо мёртвага рыбака.
“Кампанія сцвярджае, што яны займаліся падводнай рыбалкай. Але ёсць верагоднасць, што яны проста лавілі ракаў. На месца здарэння прыбыла следча-аператыўная група. Труп адпраўлены на ўскрыццё для вызначэння дакладнай прычыны смерці”, — паведамляе прадстаўніца упраўлення.
Папярэдняя прычына смерці — утапленне. Магілёўскім міжраённым аддзелам Следчага камітэта па гэтым факце праводзіцца праверка.