У Магілёве прапануюць пазбавіцца ад "хрушчовак"

26 жніўня ў Магілёве "Рэгіянальнае бюро стратэгіі развіцця і міру" прэзентавала вынікі двухгадовага даследавання стану і перспектыў эксплуатацыі так званых хрушчовак, паведамляе БелаПАН. Як заявіў кандыдат эканамічных навук Пётр Мігурскі, навукоўцы спрабуюць "паслаць сігнал" уладзе і насельніцтву, паколькі праблема "хрушчовак" сёння з'яўляецца невідавочнай.

Хрушчоўкі першапачаткова былі разлічаны на 25—30 гадоў эксплуатацыі і не прадугледжвалі капітальнага рамонту. З некалькіх соцень "хрушчовак" у Магілёве з эксплуатацыі пакуль не выведзена ні адна, хоць першы такі дом быў пабудаваны ў горадзе ў 1962 годзе.

У бліжэйшую пяцігодку ўлады збіраюцца рабіць капрамонты. Навукоўцы занепакоены тым, што так "хрушчоўкі" будуць выкарыстоўвацца яшчэ дзесяцігоддзі. Але разбурэнне гэтых дамоў папярэдзіць немагчыма ніякім капітальным рамонтам. Супрацоўнікі бюро лічаць, што масавае самаразбурэнне хрушчовак пачнецца на працягу найбліжэйшага дзесяцігоддзя.