У Магілёве ўлады адновяць гарадскую ратушу

У Магілёве на Савецкай плошчы будзе пабудаваная ратуша. Аб гэтым заявіў старшыня Магілёўскага гарваканкаму Віктар Шорыкаў.

Паводле яго словаў, ужо аб’яўлены тэндэр на правядзенне будаўнічых работ і ў бліжэйшы час пачнецца праца па адбудове гістарычнага будынку.

Нагадаем, магілёўская ратуша была знішчана савецкімі ўладамі роўна 50 гадоў таму. Яе аднаўленне мусіла пачацца яшчэ ў пачатку 90-х.

Закладка і асвячэнне архіепіскапам Магілёўскім і Мсціслаўскім Максімам першага каменя новай ратушы адбылося ў 1992 годзе. Аднак тады будоўля так і не распачалася.

Плануецца, што сёлета пабудуюць падмурак і першы паверх, а скончыцца праца да 20 чэрвеня 2008 года. Ужо вядома, што на ратушы будзе галоўны гадзіннік горада, а таксама невялікая аглядальная пляцоўка.

Дарэчы, грамадскія актывісты збіралі ў Магілёве подпісы за аднаўленне гарадской ратушы. Неўзабаве пасля таго, як яны былі перададзеныя ў выканкам, і было прынятае гістарычнае рашэнне.

Ганна Палякова, Еўрарадыё, Магілёў