У Маскве выставяць карціны Мэнсана

У панядзелак, 12 лістапада, у маскоўскай галерэі Гельмана адкрыецца выстава “Кветкі ліха”, на якой прадстаўленыя каля трыццаці акварэляў музыкі Мэрыліна Мэнсана.
Паводле словаў саўладальніцы галерэі Юліі Гельман, зразумела, што выстаўлены далёка не ўсе працы, якія ёсць у Мэнсана: яго выставы ўжо праходзілі і ў Амерыцы, і ў Нямеччыне, і ў Бразіліі.

Тэмы твораў Мэнсана - гэта гвалт, смерць, жорсткія забойцы і безабаронныя, нявінныя ахвяры. Так, адна з гераінь музыкі - галівудская старлетка Элізабэт Шорт. Яна магла стаць вядомай, калі б не фатальная сустрэча з забойцам, які яе… расчляніў.

Да Мэнсана гэтая гісторыя натхніла Джэймса Элроя і Браяна дэ Пальму - першы напісаў кнігу “Чорная вяргіня”, другі па яе матывах у 2006 годзе зняў фільм “Чорная архідэя”. На карцінах Мэнсана яна паўстае то ў выяве ўсмешлівай Беласнежкі, поўнай надзей на лепшае, то з разрэзаным ад вуха да вуха ротам.

Мэнсан звяртаецца і да простых рэчаў, напрыклад, ён малюе сваю котку ці кветкі. Аднак котка на яго малюнках больш падобная на гаргулью, а сувенірнага выгляду кветкі пры бліжэйшым разглядзе аказваюцца чарапамі.

Паводле словаў Юліі Гельман, усе карціны можна будзе набыць, аднак дакладную суму назваць яна адмовілася.

Фота: www.resnet.trinity.edu